консульство России

«Рускі мір будзе захопліваць усё больш прасторы»: Вадзім Мажэйка — пра новыя консульствы РФ у рэгіёнах Беларусі

12.02.2026 06:45 Генконсульства Расеі ў Брэсце. Источник фото

Расія плануе адкрыць у 2026 годзе новыя консульствы ў Віцебску, Магілёве і Гомелі. BGmedia абмеркавала з Вадзімам Мажэйкам магчымыя рызыкі і наступствы.
Читайте BGmedia в:

Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў у інтэрв’ю расійскаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС, прысвечаным пытанням інтэграцыі Беларусі і Расіі ў межах Саюзнай дзяржавы, заявіў, што ў 2026 годзе Расія плануе адкрыць новыя прадстаўніцтвы ў шэрагу абласных гарадоў Беларусі. Паводле яго слоў, гаворка ідзе, у прыватнасці, пра Віцебск, Магілёў і Гомель.

Чытайце таксама: Сквер вырубили, голову Путина поставили. Как Гомель превращают в витрину «русского мира»

Афіцыйна фармат гэтых структур не ўдакладняецца, аднак з кантэксту вынікае, што, найхутчэй, маюцца на ўвазе расійскія консульствы. Аналагічныя ўстановы ўжо дзейнічаюць у Брэсце і Гродне.

Калі прысутнасць консульстваў у Брэсце і Гродне яшчэ можна фармальна патлумачыць блізкасцю да мяжы з Еўрапейскім саюзам і кансульскім суправаджэннем расійскіх грамадзян, якія раней карысталіся транзітам, то адкрыццё такіх прадстаўніцтваў у іншых абласных цэнтрах выглядае значна менш абгрунтаваным з пункту гледжання класічнай дыпламатыі.

BGmedia паразмаўляла з палітычным аналітыкам, кіраўніком Інстытута даследаванняў бяспекі імя Касцюшкі Вадзімам Мажэйкам пра мэты стварэння новых генконсульстваў, іх неафіцыйныя функцыі, паралелі з падзеямі ва Украіне і пра тое, чаму беларускія ўлады не супрацьстаяць далейшаму пашырэнню расійскай інстытуцыйнай прысутнасці ў рэгіёнах.

Вадим Можейко
Вадзім Мажэйка. Фота з асабістага архіва

Чытайце таксама: «Белая Вежа»: як адна з пастаноўшчыц фестывалю звязана з «расейскім светам»

«Гэта сур’ёзная субстытуцыйная форма расейскай прысутнасці»

— Якая мэта ў стварэнні консульстваў у розных абласных цэнтрах Беларусі, калі ў гэтых гарадах расійскія грамадзяне ніколі не складалі вялікай часткі насельніцтва?

— Безумоўна, консульствы ствараюцца для пашырэння і замацавання расійскага ўплыву ў Беларусі. Консульства ў дадзеным выпадку — гэта сур’ёзная субстытуцыйная форма прысутнасці. Расійская прысутнасць і раней пашыралася праз розныя грамадскія арганізацыі, такія як «Рускія дамы». Але гэтыя ўстановы не маюць дыпламатычнага статусу, у адрозненне ад консульстваў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі дыпламатычнымі структурамі з усімі адпаведнымі пратаколамі, імунітэтамі і магчымасцямі.

«Ночные волки» с флагами ДНР и ЛНР в Брестской крепости
«Начныя ваўкі» са сцягамі ДНР і ЛНР у Брэсцкай крэпасці ў 2019 годзе. Ілюстрацыйнае фота

І безумоўна, расійскія консульствы — гэта не толькі пра расійскі ўплыў і soft power. Гэта таксама фактычна непрыхаваны фармат для прысутнасці расійскіх спецслужбаў. Сёння ў Еўропе гучаць ацэнкі ад розных экспертаў і выведак, што супрацоўнікі расійскай выведкі складаюць значную частку штатаў расійскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.

Не сакрэт, што многія амбасады ў свеце маюць супрацоўнікаў выведкі. Але вялікая розніца ў тым, што не ўсе краіны, якія маюць консульствы за мяжой, займаюцца анексіяй, як гэта робіць Расія. І гэта стварае для Беларусі дадатковыя рызыкі.

Чытайце таксама: Фридман: «Русские дома» промывают мозги, а «русский мир» укрепляет свой беларуский форпост

«Гэта можа выходзіць за межы класічных консульскіх задач»

— Якія функцыі ў абласных цэнтрах па факце могуць выконваць консульствы, і ці можа іх дзейнасць выходзіць за межы класічных консульскіх задач?

— Асноўная консульская задача — абслугоўванне інтарэсаў грамадзян сваёй краіны. Але не выглядае, што ў гэтых гарадах ёсць такая колькасць расійскіх грамадзян, якая аб’ектыўна патрабуе асобных консульстваў.

З аднаго боку, у апошнія гады прысутнасць расіян у Беларусі пашыраецца. З іншага — супрацоўнікі, якія працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём, натуральна, свае функцыі публічна не дэманструюць. Таму за агульнымі фармулёўкамі кшталту «развіццё супрацоўніцтва» могуць стаяць самыя розныя задачы.

З пункту гледжання стратэгічнай бяспекі Беларусі пашырэнне такога фармату дыпламатычных прадстаўніцтваў у рэгіёнах уяўляе пэўную пагрозу.

«Статус консульства вышэйшы, чым у “Рускага дома”»

— Ці ўяўляюць гэтыя прадстаўніцтвы большую пагрозу, чым «Рускія дамы»?

— Так, бо консульствы маюць дыпламатычны статус і ўмоўную экстэрытарыяльнасць. Яны фармальна трапляюць пад дзеянне Венскай канвенцыі. Вядома, што ў Беларусі міжнародныя нормы могуць лёгка парушацца, але ў дачыненні да дыпламатычных устаноў ЕС, а не расійскіх.

В Гомеле появился бюст Путина
Бюст Пуціна ўстанавілі ў Гомелі, фота «Рускі дом у Гомелі». Ілюстрацыйнае фота

Калі ў «Рускі дом» сілавыя структуры могуць проста ўвайсці, то ў консульства — ужо не. Таму консульствы ствараюць значна больш прасторы для дзейнасці спецслужбаў і супрацоўнікаў выведкі.

Чытайце таксама: «Русский — значит правильный». Как в «Русском доме» в Бресте «перепрошивают» детей — и зачем

Пашырэнне расійскага ўплыву пасля 2020 і 2022 гадоў

— Чаму адкрыццё гэтых структур адбываецца менавіта цяпер?

— Расія сістэмна пашырае сваю прысутнасць у Беларусі пасля 2020 года і асабліва пасля 2022-га. Гэта і адкрыццё сеткі «Рускіх дамоў» у абласных цэнтрах, якой раней не было. Сёння ў Беларусі гэтая сетка — адна з найбольш шырокіх у параўнанні з іншымі краінамі. А цяпер мы бачым і пашырэнне прадстаўніцтваў з дыпламатычным статусам.

Пакуль нельга казаць, што гэта канчаткова разбурыла суверэнітэт або сведчыць аб анексіі. Гэта ўсё ж не расійскія губернатары ў выканкамах, а асобныя консульскія ўстановы. Фармальны палітычны фасад яшчэ захоўваецца. Але гэта сур’ёзны сігнал пра далейшае замацаванне расійскага ўплыву, які нарастае сістэмна.

Ці спрацуе «ўкраінскі сцэнар» у Беларусі

— Наколькі карэктна праводзіць паралелі з падзеямі ва ўсходняй Украіне ў 2014 годзе або ў Крыму?

— Падабенствы ёсць у тым, што Расія актыўна пашырае свой уплыў. Але наяўнасць розных прадстаўніцтваў — як карпункты агенцыі «Спутнік», якія дзейнічаюць і ў Азербайджане, і ў Кіргізстане, а таксама «Рускія дамы» — не прывяла ў гэтых краінах да баявых дзеянняў. Таму само па сабе адкрыццё расійскіх консульстваў і іншых арганізацый яшчэ не азначае, што заўтра адбудзецца анексія.

Аднак расійскі ўплыў можа дайсці да сцэнару, падобнага да Крыму ці Данбаса. Прыклад дзвюх кампаній супраць Украіны ў 2014 і 2022 гадах паказаў, што ваенныя дзеянні адбываюцца там, дзе для іх падрыхтаваная загаддзя база. Дзе ўжо папрацавалі дыпламаты, «Рускія дамы», дзе створана сетка прарасійскіх арганізацый.

Православный священник проводит богослужение для резервистов, призванных в рамках мобилизации, во время церемонии их отправки на военные базы, Севастополь, Крым, 27 сентября 2022 года. Фото: Reuters.
Праваслаўны святар праводзіць службу для рэзервістаў, прызваных у рамках мабілізацыі, падчас цырымоніі іх адпраўкі на ваенныя базы, Севастопаль, Крым, 27 верасня 2022 года. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Reuters

У Крыму і на Данбасе гэта спрацавала. А калі расійскія войскі заходзяць у Бучу ці ў Гастомель, то там такая мадэль не працуе. Яны могуць здзейсніць ваенныя злачынствы, але без папярэдняй працы і падрыхтаванай сеткі ўварванне не працуе эфектыўна. Таму ідзе паступовае нарошчванне інстытуцыйнай прысутнасці. І для Беларусі гэта трывожны сігнал.

Чытайце таксама: Куранты и «Советское шампанское». Как «русский мир» проникает в дома беларусов через новогодние ритуалы

Чаму Лукашэнка гэта дазваляе

— Чаму Лукашэнка дазваляе гэтаму адбывацца? Ці не бачыць ён пагрозы ў расійскім уплыве для сваёй улады?

— Ён бачыць пагрозу. Але, відаць, лічыць, што яшчэ большая пагроза для яго ўлады — гэта спроба супрацьстаяць такой актыўнасці Расіі. У яго няма ні палітычнай волі, ні рэальных магчымасцяў, каб гэтаму ціску супрацьстаяць.

У цяперашнім стане Лукашэнка не гарант нацыянальнага суверэнітэту, а ягоная пагроза.

«Карта расійскага ўплыву распаўзаецца»

— Чаму спачатку консульствы з’явіліся ў заходняй частцы краіны — у Брэсце і Гродне, а цяпер гаворка ідзе пра ўсходнія рэгіёны?

— Тут можа дзейнічаць розная логіка. Можна пачаць з захаду і рухацца на ўсход, можна — наадварот. Калі ёсць план, каб у дзень Х расійскі ўплыў быў раўнамерна замацаваны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, то паслядоўнасць адкрыццяў консульстваў можа быць другаснай.

задержали машину
Затрыманне расейцаў на аўто з літарай Z у Івацэвічах, 17 чэрвеня 2023 года. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: «Ганцавіцкі час»

Можна ўявіць сабе мапу, як распаўзаюцца расійскія ўплывы праз розныя сеткі, арганізацыі і ініцыятывы. І гэта выглядае як рэальная пагроза, асабліва з улікам таго, што ў краіне не адкрываюцца інфармацыйныя пункты «Радыё Еўропа» ці еўрапейскія місіі — працэс ідзе фактычна толькі ў адным вектары.

У той час як прабеларускія ініцыятывы задушаныя, расійскія сцягі ў Беларусі можна бачыць у розных публічных прасторах, а на будынках консульстваў яны будуць вісець цалкам законна. І гэта сімвалічны, але вельмі паказальны штрых да агульнай карціны.

Чытайце таксама: «Это интересный и даже позитивный сигнал»: Можейко — об отмене фестиваля «Солнцестояние» в Пружанах в 2026 году

Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: