Брэсцкая вобласць працягвае актыўна развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Цяпер да кітайскіх праектаў далучаецца яшчэ адзін напрамак — Узбекістан. Паміж галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і ўпраўленнем прафесійнай адукацыі Бухарскай вобласці 28 ліпеня падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.
Чытайце таксама: У Лёзненскі раён ужо накіроўваюць працоўных з Узбекістана. Але яны пачалі скардзіцца на заробкі і жыллё
Што прадугледжвае пагадненне
Як паведамляе БЕЛТА, бакі плануюць распрацоўваць сумесныя адукацыйныя праграмы, арганізоўваць стажыроўкі педагогаў і майстроў вытворчага навучання, абменьвацца вопытам і праводзіць супольныя мерапрыемствы.
Начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Бухарскай вобласці Азамат Наімаў заявіў, што Узбекістан зацікаўлены ў вывучэнні беларускага вопыту.

Паводле яго слоў, асаблівую цікавасць выклікала ўзаемадзеянне беларускіх каледжаў з працадаўцамі, а таксама арганізацыя практыка-арыентаванага навучання.
Падчас візіту ўзбекская дэлегацыя ўжо наведала некалькі каледжаў Брэсцкай вобласці і плануе азнаёміцца з працай цэнтраў кампетэнцый.
У сваю чаргу начальніца галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Калінская паведаміла, што толькі ў 2025 годзе ў рэгіёне на базе прадпрыемстваў адкрылі 15 вучэбна-вытворчых майстэрняў, а сёлета плануюць адкрыць яшчэ 16. Акрамя таго, у 2026 годзе каля 25 млн рублёў накіравалі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжаў, з якіх 10 млн рублёў — на закупку сучаснага абсталявання.
Брэсцкая вобласць ужо некалькі гадоў развівае адукацыйныя сувязі з Кітаем
Узбекістан стаў не першым міжнародным адукацыйным партнёрам рэгіёна.
У красавіку 2026 года ў Пінску быў падпісаны мемарандум паміж кіраўніцтвам горада і прадстаўнікамі кітайскага Цзіньчэна (правінцыя Шаньсі). Дакумент прадугледжвае доўгатэрміновае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і моладзевай палітыкі.

Плануецца развіваць партнёрства паміж навучальнымі ўстановамі, арганізоўваць адукацыйныя паездкі, культурныя і спартыўныя абмены, вывучэнне беларускай і кітайскай моў, а таксама рэалізоўваць сумесныя моладзевыя праекты.
Фактычна Пінск стаў адным з гарадоў, якія ўключаюцца ў сістэму доўгатэрміновых адукацыйных сувязяў з Кітаем.
Ад універсітэтаў да школьных класаў
Развіццё супрацоўніцтва з Кітаем адбываецца і на іншых адукацыйных пляцоўках Брэсцкай вобласці.
Так, у кастрычніку 2025 года ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна адкрыўся Кабінет кітайскай чайнай культуры. Ён прызначаны для вывучэння кітайскай мовы, гісторыі і традыцый краіны, правядзення лекцый, сустрэч і міжнародных мерапрыемстваў. Праект прымеркавалі да юбілею ўніверсітэта і пяцігоддзя Інстытута Канфуцыя, які працуе пры БрДУ.

Яшчэ адзін прыклад — сярэдняя школа № 7 у Баранавічах. Тут адкрылі першы ў Брэсцкай вобласці клас Канфуцыя. Кітайскую мову ў школе вывучаюць з 2019 года, а з 2021-га яна стала часткай асноўнай адукацыйнай праграмы. Навучанне арганізавана пры ўдзеле носьбітаў мовы з Кітая, а праект фінансуецца кітайскім бокам.

Хоць найбуйнейшы ў Беларусі Інстытут Канфуцыя працуе пры Беларускім дзяржаўным універсітэце ў Мінску і каардынуе сетку адукацыйных праектаў па ўсёй краіне, менавіта Брэсцкая вобласць за апошнія гады стала адной з найбольш актыўных рэгіянальных пляцовак міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.
Чытайце таксама: Кожны трэці замежны студэнт у Беларусі — з Кітая. Брэстчына становіцца адным з цэнтраў адукацыйнага супрацоўніцтва
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: