поезд синего цвета

Белчыгунка працягвае вазіць пасажыраў праз прыфрантавыя зоны. Чыгуначнікі адмаўляюцца ад рэйсаў

10.09.2026 15:36 Ілюстрацыйнае фота. Источник фото

Цягнікі Белчыгункі зноў ходзяць праз Унечу ў Бранскай вобласці, хоць чыгуначная інфраструктура там неаднаразова трапляла пад атакі.
Читайте BGmedia в:

Беларуская чыгунка працягвае вазіць пасажыраў праз Унечу ў Бранскай вобласці. За апошнія гады чыгуначныя шляхі ў гэтым рэгіёне неаднаразова пашкоджваліся, таксама паведамлялася пра атакі беспілотнікаў.

Чытайце таксама: Зноў закрываюць КПП на беларуска-расійскай мяжы. Каля яго ўпаў беспілотнік

Пры гэтым праблемы ўзнікаюць ужо не толькі з самой інфраструктурай. Машыністы Гомельскага дэпо адмаўляюцца ад паездак на ўчастак Унеча — Бранск праз рызыку новых атак. Кіраўніцтва прапаноўвае дадатковыя выплаты, але ахвотных застаецца мала, паведамляе Суполка чыгуначнікаў Беларусі.

Цягнік ужо пускалі ў абыход

1 верасня пасля пашкоджання чыгуначных шляхоў цягнік №301 Адлер — Мінск часова накіравалі іншым маршрутам — праз Крычаў, Магілёў і Асіповічы. У Мінск ён прыбыў з затрымкай больш чым на чатыры гадзіны.

Пасля аднаўлення руху праз Унечу цягнік №302 Мінск — Адлер вярнулі на звычайны маршрут праз Добруш і памежны пераход Закопытье — Злынка.

Такім чынам, магчымасць абыходу ўжо выкарыстоўвалася. Але пакуль яе разглядаюць як часовае рашэнне на выпадак перапынку руху.

Праз Закапыцце — Злынку на пачатку верасня курсіравалі дзве пары пасажырскіх цягнікоў: Мінск — Адлер і сезонны Мінск — Анапа. Штатны маршрут далей праходзіць праз Навазыбкаў, Клінцы і Унечу.

На гэтым жа напрамку ўжо былі крушэнні

У маі 2023 года выбух на перагоне Унеча — Рассуха прывёў да сходу лакаматыва і сямі вагонаў грузавога цягніка. Састаў вяла брыгада Гомельскага дэпо.

поезд сошел с рельсов железной дороги
Месца крушэння цягніка. Фота: https://belzhd.info/

У маі 2025 года на перагоне Пільшына — Выганічы на шлях упаў пралёт аўтамабільнага моста. Пасажырскі цягнік сышоў з рэек. Загінулі сем чалавек, 128 атрымалі траўмы.

У маі 2026 года атакі закранулі станцыю Унеча. 21 мая, паводле паведамлення Расейскай чыгункі, у выніку атакі беспілотніка загінулі трое работнікаў.

Для грузавых перавозак пры гэтым ужо выкарыстоўваюць іншыя схемы. Вайсковыя эшалоны і частку небяспечных грузаў накіроўваюць праз Асінаўку — Краснае і далей праз Смаленск. Праз гэты маршрут можна абмінуць Унечу.

маршрут для цягнікоў
Схемы маршрутаў абслугоўвання пляча Гомель — Бранск лакаматыўнымі брыгадамі і альтэрнатыўнага пропуску «наліву» ад Мазырскага НПЗ. Фота: https://belzhd.info/

Аўтобуснае паведамленне таксама скарацілася

Прыкладам таго, як змяняецца транспартнае паведамленне паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю, можа быць і аўтобусны рух.

З 17 жніўня «Гомельаблаўтатранс» спыніў штодзённы рэйс Гомель — Бранск. У аўтапарку заявілі, што маршрут быў стратным. Раней з той жа прычыны скасавалі рэйс Гомель — Навазыбкаў.

Цяпер паміж Гомелем і Бранскам няма пастаяннага штодзённага аўтобуснага маршруту. Застаецца рэйс Гомель — Курск, які праходзіць праз Бранск і ходзіць праз дзень, а таксама асобныя рэйсы прыватных перавозчыкаў.

Атрымліваецца своеасаблівая сітуацыя: аўтобусны маршрут праз рэгіён скарачаюць, машыністы Белчыгункі адмаўляюцца ад паездак на небяспечны ўчастак, а пасажырскія цягнікі пасля часовага абыходу зноў вяртаюць праз Унечу.

У 2025 годзе пасля крушэння пасажырскага цягніка Беларускай і Расейскай чыгунак ужо накіроўвалі цягнікі ў абыход праз Смаленск і Краснае. Таму такі варыянт для пасажырскіх перавозак тэхнічна магчымы. Аднак невядома, ці будуць у БЧ яго выкарыстоўваць загадзя, калі рызыкі для гэтага напрамку ўжо вядомыя, ці ў кіраўніцтве гэта зробяць толькі пасля чарговага пашкоджання чыгункі.

Чытайце таксама: «Бензіну нідзе не было, толькі дызель». Гамяльчане распавялі, што ўбачылі па дарозе праз Бранск да мора

Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: